Восень

RSS Feed
Сярэдняя: 4.8 (5 галасоў)

Мiнаючы зялёную ялiнку,
Апёкшы клёна кволую далонь,
З сука на сук, з галiнкi на галiнку
Перасмыкае восеньскi агонь.

Ужо тарчаць аленнiмi рагамi
Аголеныя вераснем сукi,
Каля ракi чуваць над берагамi
Сухi, трывожны шолах асакi.

Сягоння дзень быў зябкi, непагодны —
На плашчык мой, захутайся ямчэй...
Заўжды баюся я вачэй халодных
I вераснёвых здрадлiвых начэй...

Апошнi час мне холадна, Марыя.
Хай верасень у гэтым вiнават.
Зрабiўся нейкi кволы без пары я,
Не разумею,
разумею шмат...

Маўчыш... нiбы ля попелу сiвога,
Прадзьмутага вятрамi навылёт,
Ты спадзяешся абагрэць, нябога,
Сваю руку, халодную, як лёд.

Мiнаючы зялёную ялiнку,
Апёкшы клёна кволую далонь,
З сука на сук, з галiнкi на галiнку
Перасмыкае восеньскi агонь.