Пімен Панчанка
RSS FeedАсеннімі дажджамі заліло...
Асеннімі дажджамі заліло
Апошнія чаканні і спатканні,
Пажоўклых клёнаў ціхае святло,
Скупога сонца роснае дыханне.
I пачала зямля крыху цвярдзець,
То сцюжа — пераможца ў паядынку
Раскідвае зары світальнай медзь
У лужынах барвовыя ільдзінкі.
А потым навалілася на дол
Вялікая і белая бясконцасць.
I заблудзіўся кожны мінскі дом
У пошуках растрачанага сонца.
А твар зямлі заснежанай не мёртвы:
Ён зменлівы, як пошум баравы.
Там, у барах, аж да вясны ў сумётах
Схавалі свае трубы журавы.
Яны іх знойдуць і яшчэ зайграюць,
Склікаючы дзяцей, ліству, блакіт.
I на ўсім краі аж да небакраю
Маланкамі набухнуць аблакі.
Асенняя навальніца
Услала пажоўклае лісце дарогі,
Буслам ужо Афрыка цёплая сніцца.
I раптам прыйшла, прыпазніўшыся трохі,
Да нас навальніца.
Варочае восень цяжкія грымоты,
I паляць маланкі апошні свой порах.
А ліўні прыбавілі людзям работы:
Купаецца бульба у свежых разорах.
Чаму страпянуліся ўсе мы так рэзка,
Нібыта з нас кожны вярнуўся кудысьці...
А хмары ўзрываюцца з гулам і трэскам,
I долу ляціць абгарэлае лісце.
Няўжо пераблытала нешта прырода?
Такая нязвыкласць у гэтым вяртанні,
Нібыта з далёкага нейкага года
Прыслала табе маладосць прывітанне.
Восень
Сляды гарачыні
Яшчэ на тварах носім,
Ды паплылі ўжо дні
У залатую восень.
Самотны крык гусей
Даносіцца з-пад воблак.
Ў асмужанай красе
Твой бачу, восень, воблік.
Зямлі не адагрэць
Агнём ліствы апошняй,
I ветру песні пець
Пад парыжэлай пожняй.
У хмарах далячынь,
Прасцяг дажджамі повен.
Не плавае ўначы
Маладзіковы човен.
Ды сціхне спеў вятроў,
Надвор'е праясніцца, —
Зямлі вільготнай зноў
Вясновы час прысніцца.
Блакіт нябёс тады
Празрысты, нібы ў маі.
Асеннія сады,
Як вогнішча, палаюць.
Апошнiя водгукi
3 года 28 недель назад
3 года 30 недель назад
7 лет 18 недель назад
7 лет 18 недель назад
7 лет 19 недель назад
8 лет 20 недель назад
8 лет 21 неделя назад
9 лет 7 недель назад
10 лет 5 недель назад
10 лет 21 неделя назад