Аркадзь Куляшоў

RSS Feed

Глыбокі лістапад у Белавежы...

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Глыбокі лістапад
у Белавежы.
Шуміць лістота
пушчы векавой,
Пытаецца шчымліва,
быццам вершы
За ўсё жыццё
напісаныя мной:
— Скажы,
хіба нас не паліла смага,
Не абдаваў
дажджоў лагодны душ?
Няўжо навек
нас замяце няўвага
Сляпых завей,
бесчалавечных душ?
Няўжо шыпамі вострымі
падкова
Праб'е далоні нам?..
Хіба памром,
Гвалтоўкай смерці
трапіўшы пад кола?
Няўжо мы станем
снегам, пылам, тлом?
А я маўчу.
А я маўчу, як дрэва
Асенняе,
згубіўшае свой дах.
Вакол мяне —
направа і налева —
Лісты, лісты, лісты
заслалі шлях.
Пакуль яшчэ
не замялі іх сцюжы,
Пакуль ляжаць
духмянаю капой,
Хачу я, нібы ў вір,
заткнуўшы вушы,
У скаргу іх
зарыцца з галавой.

Лес адпалаў і чорным стаў ад страты...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Лес адпалаў і чорным стаў ад страты —
Агонь з галін абсынаўся ўначы.
Завея гоніць лісцяў абручы
Па гулкіх уладаннях аўтастрады,
Туды, дзе халады і снегапады.

Аддаўшы лета бабінага жар
Кюветам, а нябёсам — павуціны,
Бярозы голыя чакаюць хмар,
Гатовыя зарыцца ў іх пярыны
Ад бессаромных сцюж і зыркіх фар.

Дзён залатых, раскіданых па свеце,
Не шкода мне — з дарог не падбяру.
I я гатоў, як дрэў трывалых вецце,
Пераступіць яшчэ ў адну пару
Свайго жыцця, пакінуўшы ў кювеце
Прыгожую ману аб вечным леце.

Пра восень

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Замаўкаюць птушыныя звонкія спевы,
Калі восень прыходзіць у край наш лясны,
I, як свечкі, вакол ярка ўспыхваюць дрэвы
На праводзінах лета, на памінках вясны.

Там, дзе восень ідзе, лес шумлівы радзее,
Вецер гоніць хмарыны з-за цёмных ялін.
Грозны чуючы сівер, лісты, як надзеі,
Аблятаюць на дол з пачарнелых галін.

Я, ўлюбёны ў жыццё, не скаруся пагрозе
На праводзінах тых, на памінках старых.
Выйду з лесу і стану ў зімы на парозе
Дрэвам я, што лістоў не губляе сваіх.

Я трымаў іх з вясны, да вясны датрымаю,
Не развею па свеце, не кіну ў бяду,
Дружным пошумам іх новы май прывітаю
I з адзінаю просьбай на дол упаду:

— Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,
Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі
I каштанаў сваіх незгасальныя свечкі
Над маёй адшумеўшай вясной запалі!

Усе аўтары