Генадзь Бураўкін
RSS FeedІдуць дажджы...
Ідуць дажджы,
Асенняя пара.
Заплаканыя вокны спахмурнелі.
Аўторка не адрозніш ад нядзелі,
Ад быльнягу — шпачынага пяра.
За тыдзень свет, здаецца, пастарэў.
За вёскай — непралазнае балота.
Апошняя цяжкая пазалота
Злятае з абсвістаных ветрам дрэў...
А потым
сонца высветліць блакіт,
I дрэвы ўміг ізноў памаладзелі,
I над ракою ў золаце нядзелі —
Наструненыя постаці ракіт...
Заблытаны лісткі календара.
У чыстым небе,
маладым і сінім,
Перапляліся промні з павуціннем…
Ах, восень,
пераходная пара...
Восень зноў падыходзіць...
Восень зноў падыходзіць —
I ў мяне на душы,
Як і ў роднай прыродзе,
Ціш і сіняя шыр,
I смуга, і лагоднасць,
I —
да кроплі малой —
З небам крэўная роднасць,
Роднасць з мілай зямлёй.
Вяне клён гаманлівы.
Ні хмурынкі ўгары.
У гаях і на нівах —
Яснасць сталай пары.
Толькі ў сэрца пракраўся
Адгалосак тугі,
Што на лузе —
не краскі,
А стагі.
Непрыкметна падступіла восень...
Непрыкметна падступіла восень —
Хутка пацямнела неба просінь,
Выстылі маўклівыя прасторы,
He гарыць касцёр на касагоры
I плывуць ад лесу і з прылукі
Сумныя, прыцішаныя гукі.
Гэта, змыўшы жнівеньскія цені,
Несуцешна плача свет асенні.
Плача вецер над зламанай слівай.
Плача неба над нязжатай нівай.
Над свінцовай роўняддзю затокі
Горка плача лебедзь адзінокі.
А між іх душа мая няйначай
Над самой сабой журботна плача.
Апошнiя водгукi
3 года 3 недели назад
3 года 5 недель назад
6 лет 45 недель назад
6 лет 45 недель назад
6 лет 46 недель назад
7 лет 47 недель назад
7 лет 48 недель назад
8 лет 34 недели назад
9 лет 32 недели назад
9 лет 48 недель назад