Алена Руцкая

RSS Feed

Бабiна лета

Яшчэ не ацэнена

Згасла бабiна лета,
Як касцёр на узлеску,
Дагарэла асiнка мядзяным агнём,
I, нiбы на кiрмаш,
Хмар вазы з-за паўсвету
Коцяць, пыляць iмжою,
Драбнасейным дажджом.

Кветка "бабiна лета"
Дацвiтае ля веснiц,
Ападае пялёсткаў халодная сiнь.
I здаецца – сцякае
Паволi ў паветры
Не з пялёсткаў струмень,
А з няўцешных слязiн.

Плача бабiна лета
Па балюча кароткiх,
Па адчайна усмешлiвых
Сонечных днях,
Што як позняе шчасце,
Надзеяй сагрэта,
Толькi сiл не стае
Утрымаць у руках.

Вераснёвая ноч

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Вераснёвая ноч, бель туману густога,
Зарападавы звон у трывожнай цішы,
Усё без лішніх прыўкрас, невыдумна і строга,
Як у добрай і шчырай чалавечай душы.

Ападаюць лісты, нешта шэпчуць трывожна —
Цяжка, знаю, рашыцца на гэты палёт.
Вецер сцёр з неба хмары крылом асцярожна,
Як са спелае слівы бялявы налёт.

I здаецца бясконцым любое імгненне,
Нібы шлях той далёкі ад зоркі святла,
Што праз холад і змрок працягнула праменне,
Каб сагрэцца ля шчасця, ля зямнога цяпла.

Жоўтай восені сумны звон...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Жоўтай восені сумны звон
Зноў паціху трывожыць сэрца.
Неба шэрага парасон
Зрэдку промнямі усміхнецца.

Нетаропка, нібы пастух,
Вецер лісце дарогай гоніць.
Патапталі расісты луг
Туманоў белагрывыя коні.

Цёплым водарам спелых стагоў
Шчэ зямля да ранку сагрэта —
Журавы напомнілі зноў,
Што зямля пасталела за лета.

Так сталеем, пэўна, і мы,
Толькі з розніцаю адною,
Што не можам, як журавы,
Зноў вярнуцца з новай вясною.

Усе аўтары