Глыбокі лістапад у Белавежы...

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Глыбокі лістапад
у Белавежы.
Шуміць лістота
пушчы векавой,
Пытаецца шчымліва,
быццам вершы
За ўсё жыццё
напісаныя мной:
— Скажы,
хіба нас не паліла смага,
Не абдаваў
дажджоў лагодны душ?
Няўжо навек
нас замяце няўвага
Сляпых завей,
бесчалавечных душ?
Няўжо шыпамі вострымі
падкова
Праб'е далоні нам?..
Хіба памром,
Гвалтоўкай смерці
трапіўшы пад кола?
Няўжо мы станем
снегам, пылам, тлом?
А я маўчу.
А я маўчу, як дрэва
Асенняе,
згубіўшае свой дах.
Вакол мяне —
направа і налева —
Лісты, лісты, лісты
заслалі шлях.
Пакуль яшчэ
не замялі іх сцюжы,
Пакуль ляжаць
духмянаю капой,
Хачу я, нібы ў вір,
заткнуўшы вушы,
У скаргу іх
зарыцца з галавой.