Рушанне

RSS Feed
Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

Ёсць у прыродзе час асенні — рушанне,
калі звяры вылазяць з нор сваіх,
вужыныя сцяжынкі ўзварушаны
хадой істот відушчых і сляпых.
Сівых лясоў трывожачы дрымоту,
пануры лось цярэбіць гушчары,
рыкаючы на клёнаў пазалоту,
на фарбы пераходнае пары.
Сыходзяцца ў далінах жалудовых
прапахлыя карэннем вепрукі,
а ніцавока-сцішаныя совы,
як вераснем узнятыя куркі...
Сляды апалым лісцем зацярушаны,
з палян сплывае парадзелы цень.
Жыве ў прыродзе час асенні — рушанне,
калі звініць струной шчымлівай дзень
над тым, што не збылося і збылося,
над халадком вачэй і журавін,
і зразумела-ясным словам в о с е н ь
плыве над галавой птушыны клін.
Яшчэ гаям гарэць да снегападу,
развітвацца лістоце з сінявой.
Суцішна на суровую нараду
сышліся дрэвы шчыльнаю сцяной...
Ёсць у прыродзе час асенні — рушанне,
калі жывое верыць у працяг.
А шар зямны ўсё кружыцца і кружыцца
і лісцем засцілае золкі шлях.

Іншыя вершы аўтара