Верасень

RSS Feed
Сярэдняя: 4.2 (9 галасоў)

Зноў верасень —
Запаслівы грыбнік —
Шчыруе па імшыстых баравінах.
Трымціць раса на звонкіх павуцінах
I травастою пах яшчэ не знік.

Немітусліва
Промні аж да дна
Прасвечваюць азёрныя глыбіні.
I гронкі ацяжэлыя каліны
Насыціліся сокамі спаўна.

Мне даспадобы
Верасень заўжды.
I не таму, што ў ім я нарадзіўся.
У верасні мне свет увесь адкрыўся
У спеласці сакоўнай — малады.

Так, свет!
I сам я ў вераснёвы час,
Прасвечаны святлом яго, як гронка,
Спяваю і не ціха, і не звонка
Для вас, абшары родныя, для вас,

Шчымліва
Адчуваючы душой
Закончаную яснасць у прыродзе,
I ў жураўліным сцішаным палёце,
I ў засцюдзелай быстрыні рачной.

Вулля
Шукае позняя пчала.
Лагодна-мяккі свет, нібы вашчына.
I дабратой прасвечана Айчына
У барвах баравіннага святла.