Буслы
RSS FeedПадчысціла ўзвіжанне ўсю зямлю шчыра,
Ліст зводзе хмызняк заскаруслы...
Злятаюцца буслы к адлёту у вырай,
На сходку сыходзяцца буслы.
Дзе плотам граніцу адвёў сабе выган,
За прасла пашчэпліваў прасла, —
За выганам буслы рашаюць суд мігам,
Пакуль дню лучына не згасла.
Хто Млечны Шлях ноччу дагледзіць не зблудзе,
Хто мора адмерыць крыламі, —
Той вылеціць толькі ў далёкія людзі,
Той вылеце ў вырай з бусламі.
Клякочуць, хлапочуць. I крыллі, і скабы
Сусед аглядае суседа,
Разводзяць і дзеляць, хто дужы, хто слабы,
Хто болей, хто меней свет зведаў.
Зрабілі агледзіны, зрадзілі раду,
К канцу прыбліжаецца сходка,
Шнур зладзілі к выраю ў згодзе і складу,
Сціхае гамонка-клякотка.
Ўжо мецяцца к лёту, ўжо хлопаюць крыллі...
Бач, бусел адзін стаіць хмуры, —
Яго аднаго усе неяк забылі,
Адзін ён не змесціўся ў шнуры.
Стаіць і чакае сабе прыгавору, —
Знаў — буслава сходка не смешкі...
Ой, болей яму не пабачыці мора,
Не бачыці выраю сцежкі!
I зноў ўсклекаталі крылатыя сябры:
— Ён слабы, не наскага міру!
Хай гіне, хто слабы, згнілі ў каго жабры!
Смерць буслу, няздатнаму ў вырай!
Смерць! смерць!.. Задымела пуховае пер'е,
З-пад сэрца кроў хлынула стужкай...
I, споўніўшы прыгавар, буслы ў бязмер'е,
Узняліся за дружкаю дружка.
Шнур доўгі паплёўся пад небам вячыстым,
Плыў з клёкатам далей і далей,
Аж згінуў з-пад вока у воблаках мглістых,
Спавіўся ў туманныя хвалі.
А там, а за выганам сцелецца поле,
На полі рассыпаны косці,
Над косцямі вецер гуляе, скаголе,
Груган залятае у госці.
А там, ля касцей залаціцца пярсцёнак
А надпіс чужой на ім мовай:
«Як вернецца бусел з нязнаных старонак
Ка мне мілы вернецца ўзнова...»
Апошнiя водгукi
2 года 51 неделя назад
3 года 1 неделя назад
6 лет 41 неделя назад
6 лет 41 неделя назад
6 лет 41 неделя назад
7 лет 43 недели назад
7 лет 43 недели назад
8 лет 30 недель назад
9 лет 28 недель назад
9 лет 44 недели назад