Восень

RSS Feed
Яшчэ не ацэнена

Села пад пушчаю Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Спетых дажынак ёй жаль.

Пацеры шчыра шапоча,
Нудную шэпча мальбу;
Творыць паціху уночы
Свету сваю варажбу.

Склікала вецер і хмары,
Кожнаму дзела дала:
Вецер завыў на папары,
З хмары павісла імгла.

Вецер, убраўшыся ў сілы,
Лесам, як вехцем, трасе,
Крыж вырывае з магілы,
Круціць салому ў страсе.

Хмара, упіўшыся морам,
Хвошча і хвошча дажджом,
Плача нязмераным горам,
Жаліць душу, як нажом.

Вецер і хмара дахаты
Просяцца, лезуць смалой:
Вецер дзьме ў комін заўзята,
Хмара лье ў вокны залой.

Ў шчылінах свіст не сціхае,
Муціць, варожыць, кляне,
Як бы жывы хто ўздыхае
Ў слёзнай паўяве, паўсне.

Мокрыя каплі на шыбах
Плюскаюць, хлюпчуць, бубняць,
Быццам людцоў у сялібах
Мецяць патопай даняць.

— Скуль вы? Што трэба вам, госці,
Зваў вас які гаспадар? —
З хаты пытаецца хтосьці
Буйнага ветру і хмар.

— Восень сюды вам за кару
Выгнала нас на папас! —
Гэтакі вецер і хмара
Кідаюць хаце адказ.

I ўзноў завыў вецер жудка,
Дождж пачаў сцёбаць сільней...
А там пад пушчай ціхутка
Моліцца Восень далей.

Знізвае пацеры Восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль,
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Спетых дажынак ёй жаль.