Агонія лістападу

RSS Feed
Яшчэ не ацэнена

Спіць душа, і думак алавяных
Воз на голях восеньскіх заграз...
Дзе вы, лёгкай радасці паляны,
I якое сонца грэе вас?

За якім схаваўся даляглядам
Сумны клін апошніх журавоў?
Паглядзець памкнуся — а прысады
Голлем шлегануць: «Ідзі дамоў...»

Голы вецер свісне:
— Ты не вельмі
Давярайся восені ў жыцці:
Хоць і ўсё дазволена — ды нельга,
Хоць адкрыта ўсё — ды не ўзляціш...

Воля тут, як спелая рабіна:
Хустка ёсць, ды нечага абуць, —
He ўцячы ад налеці драздзінай:
Кроплі-ягады крывавыя дзяўбуць...

Абмакрэлым, незямным цяжарам
Цягнуць хмары шэрую нуду...
Хутка ўдараць белыя пажары,
Полымем сцюдзёным загудуць...