Балада сквера

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Прысвячаю Ларысе Раманавай
і маім мінскім сябрам

Пакідаю твой боль
і сваю адзіноту
пад нагамі прахожых
у восеньскім скверы,
дзе пісаліся вершы
і казаліся словы –
непачутыя словы
недаспелыя песні;

там між бэзу і клёнаў,
як і мы, шчэ зялёных,
я шукала надзеі
у свайго дабрадзея.

У каменных абдымках
сталі хвалі ручнымі,
ды не сцішыцца сэрца
пад уяўным спакоем.
Гэты свет – нашы краты,
крышталёвыя краты:
нам і вольна, і весела,
ды ўдваіх там зацесна;

там між бэзу і клёнаў,
як і мы, шчэ зялёных,
я губляла надзеі
праз свайго дабрадзея.

Рассычалася рэха
апошніх трамваяў,
за шпітальнай фіранкай
гайдаліся дрэвы.
Я была па-за светам,
па-за сном, па-за вамі –
у тэатры абсурду
з дэкарацыяй сквера;

там, між бэзу і клёнаў,
як і мы, шчэ зялёных,
абламанай галінкай
я знайшла цябе, сынку.

1990-я